Ганцавіцкія паясы

Прадстаўляем вашай увазе віртуальную выстаўку «Ганцавіцкія паясы».

На сённяшні момант (май 2013 года) у фондах музея знаходзіцца 47 паясоў, з якіх 22 прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі. Для нашай віртуальнай выстаўкі мы адабралі 45 паясоў.

Тэлеперадача "Край" ТРК "Брэст" аб развіцці ткацтва паясоў на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна

Згодна з энцыклапедыяй «Беларуская этнаграфія» ганцавіцкія паясы – традыцыйныя тканыя паясы, якія вырабляюць у вёсках Люсіна, Макава, Дзяніскавічы, Хатынічы Ганцавіцкага раёна (захаваліся з канца 19 ст.). Ткалі на ніту з лёну, воўны, бавоўны даўжынёй 150 – 350, шырынёй 1,5 – 7 см. Сучасныя паясы даўжынёй 150, шырынёй 1,5 – 2 см ткуць таксама з сінтэтычных нітак.

Кампазіцыйна падзяляюцца на падоўжна-паласатыя паясы з шырокай (звычайна чырвонай) паласой, якая разбіваецца вузкімі паскамі ці дробным шашачным узорам іншага колеру, і перабіраныя (узорыстыя) паясы, якія ткуць у геаметрычным узоры («ступа», «елачка», «грабелькі», «вочка» і інш.). На адным поясе звычайна паўтараюцца 1 – 4 элементы ўзору, вытканага ніткамі аднаго колеру (пераважна чырвонага, бардовага, ружовага) на белым (зрэдку зялёным) фоне. Шматколернасць ганцавіцкім паясам надаюць вузкія ў 3 – 4 колеры беражкі («вокладкі», «абложкі»). Сучасныя ткачыхі аддаюць перавагу перабіранай тэхніцы і ткуць узоры ў традыцыйнай колеравай гаме з захаваннем выразнай графічнасці малюнка, характэрнай і для іншых тканін гэтага рэгіёна.