ЗАЛ «ГІСТОРЫЯ»: вітрына «Якуб Колас»

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы (цяпер у межах горада Стоўбцы Мінскай вобласці) ў сям'і лесніка. Народны паэт Беларусі (1926 год), заслужаны дзеяч навукі БССР (1944 год). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946 і 1949 гады).

Вітрына «Якуб Колас»

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902 год). Настаўнічаў у вёсках Люсіна (цяпер — Ганцавіцкі раён, 1902—1904 гады), Пінкавічы (цяпер — Пінскі раён, 1904—1906 гады), Верхмень (цяпер — Смалявіцкі раён, 1906 год).

За ўдзел у рабоце нелегальнага настаўніцкага з'езда быў звольнены (1906 год). У 1907 годзе працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у 1908 годзе — у прыватнай школе ў вёсцы Сані (цяпер — Талачынскі раён). 15 верасня 1908 года за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады і адбываў пакаранне ў мінскім астрозе.

У 1912—1914 гадах працаваў настаўнікам у Трэцім прыходскім вучылішчы ў Пінску. У час Першай сусветнай вайны разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. У верасні 1915 года быў мабілізаваны ў армію. Скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча ў Маскве і служыў у запасным палку ў Пермі.

Летам 1917 года быў накіраваны на Румынскі фронт, але па стане здароўя неўзабаве быў эвакуіраваны ў горад Абаянь. Паводле дэкрэта савецкага ўрада ў пачатку 1918 года звольнены з войска, як настаўнік. Настаўнічаў у Курскай губерні.

Па выкліку ўрада БССР у 1921 годзе пераехаў у Мінск. Выкладаў у Мінскім беларускім педагагічным вучылішчы, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. З дня ўтварэння Акадэміі Навук БССР (1 студзеня 1929 года) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам.

У дні Вялікай Айчыннай вайны жыў у Клязьме, Ташкенце, Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю.

У снежні 1944 года вярнуўся ў Мінск. Быў членам Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946—1956 гады) і БССР (1938—1956 гады), старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру.

Акадэмік Акадэміі Навук БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Памёр 13 жніўня 1956 года.

***

Цэнтральнае месца ў вітрыне адведзена гіпсаваму бюсту Якуба Коласа, аўтарам якога з’яўляецца вядомы беларускі скульптар Сяргей Анатольевіч Логвін.

Скульптар Сяргей Анатольевіч Логвін побач са сваім творам — бюст Якуба Коласа

Варта больш падрабязна расказаць аб працы Якуба Коласа ў Люсінскім народным вучылішчы ў 1902—1904 гадах.

«Якуб Колас — семінарыст». Мастак Лазар Саулавіч Ран. 1968 год

13 чэрвеня 1902 года пастановай педагагічнага савета Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Якубу Коласу разам з дваццаццю іншымі выхаванцамі прысвоена званне настаўніка пачатковага вучылішча. Як узнагароду за поспехі і добрыя паводзіны савет узнагародзіў яго поўным зборам твораў Мікалая Гогаля, Васілія Жукоўскага і Аляксея Талстога.

«Канстанцін Міцкевіч у семінарыі». Мастак Іван Пятровіч Рэй. 1972 год

«Развітанне з семінарыяй». Мастак Ілля Уладзіміравіч Немагай. 1973 год

28 жніўня таго ж года рашэннем Савета Мінскай дырэкцыі народных вучылішч з 1 кастрычніка Якуб Колас прызначаецца настаўнікам Охаўскага народнага вучылішча Пінскага павета. Прызначэнне аб якім ён атрымаў толькі праз месяц 24 верася. Але як было ўстаноўлена літаратуразнаўцам Генадзем Васільевічам Кісялёвым рашэнне аб накіраванні Якуба Коласа на работу ў Охава Пінскага павета прайшло ўсе інстанцыі, аж да папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, але звестак аб настаўнічанні пісьменніка ў Охаве няма. Відаць, неўзабаве гэта рашэнне было перагледжана, і ў тым жа 1902 годзе Якуб Колас атрымаў пасаду настаўніка ў Люсінскім народным вучылішчы таго ж Пінскага павета.

Напрыканцы лета 1902 года, калі Якуб Колас ехаў цягніком у вёску Люсіна, загінуў сшытак яго вершаў: «…стаяў я каля акна ў вагоне, гартаў сшытак з семінарскімі творамі. Збіралася навальніца, секанулі па шыбах кроплі. Хачу падняць акно — яно не паддаецца, недзе заела. Я ўзяўся за рамяні абедзвюмя рукамі і зусім забыўся, што трымаю сшытак. А тут віхор, вырваў з рук і пагнаў неведама куды… Страта сама па сабе не вельмі засмуціла мяне. Спадзяваўся на памяць: будзе час, засяду і аднаўлю патрохі. Але ў грудзі падкаціла трывога, ці не чакае лёс усе маё напісанне наогул».

Навучальны год пачаўся з 1 кастрычніка. Паводле дадзеных «Памятной книжки Минской дирекции народных училищ за 1902/1903 учебный год» Люсінскае вучылішча наведвалі 35 хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Настаўніку прызначалася «пенсія» («жалованье») у суме 240 рублёў у год. Законавучыцелем тут быў Іосіф Аўксенцьевіч Ціхановіч.

«У люсінскай школе». Мастак Васіль Пятровіч Шаранговіч. 1972 год

Працуючы ў Люсіна, Якуб Колас рабіў этнаграфічныя запісы і збіраў вусную народную творчасць, як вынік — нарыс на рускай мове «О крестьянских постройках (деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости)». Нарыс быў напісаны ў звычайным вучаніцкім сшытку і адасланы ў Вільню ў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Генадзь Васільевіч Кісялёў адзначаў, што ў тэксце рукапісу ёсць сляды рэдагавання простым алоўкам і чырвонымі чарніламі, а на палях тымі самымі чарніламі пастаўлены тэматычныя рубрыкі, якія раскрываюць змест артыкула: «Местоположение», «Народные сказания», «Окрестности», «Занятие жителей», «Улица», «Дворы», «Хата», «Хозяйственные постройки», «Печь», «Внутреннее убранство». Магчыма, нарыс рыхтаваўся да друку ў адным з выданняў Геаграфічнага таварыства. Праўда, ў пачатку ХХ стагоддзя гэта праца Якуба Коласа так і не была надрукавана, але многае з таго, што папала ў нарыс увайшло ў раман «На ростанях».

Фрагмент першай старонкі нарыса «О крестьянских постройках (деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости)»

Паралельна Якуб Колас знаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, якую, як сведчыць сам пісьменнік, даваў яму адзін яўрэй недалёкі зямляк са Стоўбцаў столяр па прафесіі: «Гэтыя брашуркі далі ход маім разважанням у зусім новым кірунку і моцна зацікавілі мяне. Яны зрабілі ў мяне цэлы пераварот».

Тут у Люсіна Якуб Колас піша твор «Яшукова Гара», тэкст якога на жаль не захаваўся.

Разам з Канстанцінам Міцкевічам адну зіму жыла яго сястра Юзэфа. «Костусь, — гаворыць яна, — працаваў многа. З некаторымі вучнямі займаўся і пасля абеду. Часта вечарамі да яго прыходзілі дарослыя мужчыны. З імі ён гутарыў, чытаў кнігі.

«У люсінскай школе». Мастак Валяр’яна Канстанцінаўна Жолтак. 1959 год

Жылі пры школе. Кватэра складалася з трох пакояў: кухні, сталовай і спальні. На кухні жыла старожка.

Бліжэйшымі суседзямі была сям’я аб’ездчыка. У яго было дзве дачкі: Ядвіся і Габрынька і сын Чэсь. Ядвіся ўжо была дарослая дзяўчына. Прыгожая, задуменная. Кепска жылося з мачыхай. Костусь часта хадзіў да іх вечарамі».

Паводле даследвання Валерыя Іосіфавіча Атрашкевіча аб прататыпах герояў трылогіі «На ростанях», то пан падлоўчы Баранкевіч — Ігнат Баранцэвіч, Ядвіся — Ядвіга Ігнатаўна Баранцэвіч, у замужжы Бухенская, Габрынька — Габрыэла Ігнатаўна Баранцэвіч, Чэсь — Часлаў (Вячаслаў, Брачыслаў ?) Ігнатавіч Баранцэвіч. Ва ўспамінах Сяргея Новік-Пяюна сцвярджаецца, што ў 1936 годзе Ядвіся з дочкамі жыла ў Слоніме і ў яе было прозвішча Бараноўская.

У Люсіне Якуб Колас працуе над вялікім празаічным творам на рускай мове «Адзін з сотні». Як зазначае сам аўтар: «У пачатку яго даны малюнак семінарскага жыцця і зроблена абрысоўка героя Сошкіна». Сам твор захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Паводле кнігі Максіма Лужаніна «Колас расказвае…» лёс галоўнага героя трылогіі «На ростанях» Андрэя Лабановіча ўвабраў у сябе задуму «Аднаго з сотні». «Я вёў героя Сошкіна ад семінарыі і далей у жыццё».

Першая частка «На ростанях» — аповесць «У палескай глушы» была напісана Якубам Коласам ў 1921—1922 гадах, асобным выданнем яна выйшла ў Вільні ў 1923 годзе. Дзеянні аповесці адбываюцца ў вёсцы Цельшына, прататыпам якой стала Люсіна.

Вокладка першага выдання «У палескай глушы». 1923 год

1 верасня 1904 года Якуб Колас прызначаны настаўнікам Пінкавіцкага народнага вучылішча, дзе роўна праз месяц 1 кастрычніка пачаўся навучальны год.

Люсінцы заўжды памяталі свайго маладога настаўніка, які пражыў з імі побач у 1902—1904 гадах. Падчас віхураў Першай сусветнай вайны і ў перыяд 1920—1930-я гады ў люсінцаў не было магчымасці звяртацца да славутасці: вёска, належачы да заходняй часткі Беларусі, засталася пад Польшчай. Але і ў тыя цяжкія часы паланізацыі творы Якуба Коласа шырока хадзілі ў беларускіх масах. Верыцца, што і люсінцы тады чыталі аповесць «У палескай глушы». Чыталі, радаваліся сустрэчам са сваім нядаўнім мінулым, ад пакалення да пакалення ўспаміналі апісаныя ў мастацкім творы падзеі і людзей. І пра свайго настаўніка, які праз аповесць, перакладзеную на восем еўрапейскіх моў, адкрыў свету Люсіна, вяскоўцы заўсёды захоўвалі памяць і амаль праз паўвека — пасля Другой сусветнай вайны. Таму сувязь аднавілася, калі сціхла апошняе на нашай зямлі ваеннае ліхалецце, а Пінскае Палессе назаўсёды стала неад’емнай часткай Беларусі.

Дзякуючы даследванням навукоўца Анатоля Віктаравіча Трафімчыка стала вядома, што жыхары вёскі Люсіна, ведаючы дабрыню знакамітасці яшчэ па колішніх часах — двух навучальных гадах настаўнічання «Лабановіча» ў «Цельшыне» і калі настала патрэба, звярнуліся да чалавека, які да той пары стаў народным паэтам. А патрэба была не абы-якая: не было дзе вучыцца падрастаючаму пакаленню люсінцаў. Таму па дапамогу звярнуліся да свайго вялікага настаўніка. Калектыўных лістоў было тры, яны датаваны 1948 і 1949 гадамі. Але фактычна і часткова праблема люсінцаў была вырашана толькі да 1953/54 навучальнага года, калі ў эксплуатацыю быў здадзены новы будынак школы ў якім змесціліся ўсяго толькі пяць класных пакояў, фізхімкабінет, піянерскі і настаўніцкі пакоі.

Ліст да Якуба Коласа ад дырэктара Люсінскай школы К.Санько. 20 красавіка 1949 года

Перапісваўся Якуб Колас і з жыхаром вёскі Люсіна сваім вучнем Міхаілам Васільевічам Занькам. Адзін з лістоў Міхаіла Васільевіча і сёння ўпрыгожвае пастаянную экспазіцыю музея класіка ў Мінску.

Ёсць і ліст да Якуба Коласа з тады яшчэ гарадскога пасёлка Ганцавічы ад студэнта трэцяга курса мясцовага педагагічнага вучылішча Сцяпана Васільевіча Макарава, што датаваны 19 сакавіка 1949 года. У ім ён просіць класіка даць параду, пра што і як пісаць «каб стаць на грунт літаратурнай дзейнасці» і даслаў яму сваю паэму «Няволя і жыццё».

Фрагмент ліста Якубу Коласу ад студэнта Ганцавіцкага педвучылішча Сцяпана Васільевіча Макарава

У Ганцавіцкім раёне ўшаноўваюць памяць аб класіку беларускай літаратуры, асабліва гэта тычыцца вёскі Люсіна. На будынку мясцовай школы ў 1966 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якая была абноўлена ў 2011 годзе.

Мемарыяльная дошка на будынку школы

Да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа 24 красавіка 1982 года ў Люсіна ў будынку школы быў адкрыты літаратурна-этнаграфічны музей. За час існавання яго наведала шмат людзей. У кнізе водгукаў ёсць запісы наведвальнікаў з Расіі, Узбекістана, Казахстана, Туркменістана, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі. Адметнай рысай з’яўляецца і тое, што сярод экспанатаў ёсць і асабістыя рэчы Якуба Коласа, іх музею падарыў малодшы сын беларускага класіка Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, які некалькі разоў з сваімі роднымі наведваў Люсіна.

Літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа

У самым цэнтры вёскі на месцы, дзе размяшчалася школа, ў якой Якуб Колас пачаў сваю педагагічную дзейнасць, знаходзіцца памятны знак. Ён быў урачыста адкрыты 20 кастрычніка 2002 года, калі ў Люсіне прайшло раённае свята паэзіі «Песняй вітаю я вас», што было прысвечана 120-годдзю са дня нараджэння Якуба Коласа.

Памятны знак на месцы школы, дзе распачаў сваю педагагічную дзейнасць Якуб Колас

У студзені 2016 года Люсінскаму дзіцячаму садку-сярэдняй школе было прысвоена імя Якуба Коласа.

Зусім нядаўна ў 2019 годзе ў лясным урочышчы Яшукова Гара, якое размяшчаецца побач са старою дарогаю з Люсіна на Малькавічы, таксама усталяваны памятны знак.

Памятны знак ва ўрочышчы Яшукова Гара

Згадкі пра Яшукову Гару ёсць у самым пачатку другой часткі трылогіі «На ростанях» аповесці «У глыбі Палесся». Едучы да цягніка легенду пра злога пана Яшука Лабановічу расказаў адзін з герояў аповесці дзядзька Раман.



Да святкавання Дня беларускага пісьменства ў 2011 годзе ў горадзе Ганцавічы была створана Алея пісьменства ў завяршэнні якой усталяваны бюст Якуба Коласа, яго аўтары — брэсцкія скульптары, сямейная пара Павел Герасіменка і Алеся Грушчанкова.

Помнік Якубу Коласу ў горадзе Ганцавічы