Мерапрыемства да Міжнароднага дня роднай мовы

У сераду 20 лютага з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музее прайшоў музейна-педагагічны занятак “Родная мова – крыніца жыцця”, ён быў прысвечаны аднаму з самых значных скарбаў чалавека — роднай мове і вуснай народнай творчасці.

На занятку з дапамогай роднай мовы вучні 6-га класа гімназіі горада Ганцавічы пазнаёміліся з легендамі і паданнямі свайго краю, правялі некалькі віктарын, пад час якіх перакладалі сказы, словазлучэнні, тлумачылі фразеалагізмы, адгадвалі загадкі і напрыканцы з дапамогай алфавіта, суаднёсшы лічбу і літару, расшыфравалі зашыфраванае выказванне – «Размаўляй па-беларуску!». На памяць аб дадзенай сустрэчы дзеці атрымалі невялікія падарункі.

Кожны чалавек павінен ведаць родную мову. Калі мы нарадзіліся беларусамі, калі жывём на зямлі беларускай, нельга не шанаваць сваю мову, менавіта яна злучае людзей у адзін народ!

567