Пра нас

Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей створаны 1 студзеня 1997 года па рашэнні Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта. Першых наведвальнікаў музей прыняў 20 кастрычніка 2002 года ў дзень, калі ў Ганцавіцкім раёне ў вёсцы Люсіна святкавалася 120-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. У музеі адзін выставачны і чатыры экспазіцыйныя залы.

Асноўны здабытак музея — яго фонды — багаты збор прадметаў, якія маюць вялікае гісторыка-культурнае значэнне для гэтага кутка Палескага краю. На сённяшні дзень фонды музея налічваюць звыш сямі тысяч прадметаў, больш паловы ад гэтага — асноўны фонд. Узрост экспанатаў музея ўражвае: прадстаўлены прадметы ад III тысячагоддзя да нашай эры да сённяшніх дзён. Штогод фонды павялічваюцца на 250—300 адзінак. Вялікую дапамогу ў папаўненні калекцый аказваюць мясцовыя жыхары.

Фонды музея складаюцца з сямі калекцый. Калекцыя археалагічных знаходак раскопак помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, нумізматыкі, фотаматэрыялаў пра жыццё і побыт гараджан, дакументаў, жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Да рэчавай калекцыі адносяцца прадметы этнаграфіі, адзенне, прадметы побыту і асабістыя рэчы вядомых людзей.

Будынак раённага краязнаўчага музея размяшчаецца ў самым цэнтры горада і з'яўляецца адным з найстарэйшых у Ганцавічах.

Экспазіцыя ў музеі пачынаецца з залы «Археалогія», у якой прадстаўлены прылады працы, упрыгожванні, фрагменты посуду каменнага і бронзавага вякоў, знойдзеныя на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна.

Найбольш каштоўнымі прадметамі з'яўляюцца каменныя прылады працы, сярод якіх вылучаецца каменная сякера культуры лейкападобных кубкаў (III тысячагоддзе да нашай эры), знойдзеная недалёка ад вёскі Малькавічы. Сама сякера мае грыбападобны круглявы абушок, пашыранае тулава і шырокае амаль дыскападобное лязо. Сякера шліфаваная, гладкая. Такі тып сякер да гэтага не сустракаўся на тэрыторыі Беларусі, самыя блізкія аналагі былі знойдзены на тэрыторыі Заходняй Украіны і Польшчы.

Асобна варта згадаць і наканечнік кап’я, што быў знойдзены паблізу ад вёскі Лактышы. Яго датыроўка прыблізна адносіцца да V — VII стагоддзяў і па знешнім выглядзе ён з'яўляецца прыладай працы прадстаўнікоў балцкіх плямёнаў.

Другая зала прысвечана прыродным багаццям Ганцаўшчыны: лясам і балотам, рэкам і азёрам, іх расліннаму і жывёльнаму свету. Ён складаецца з некалькіх вітрын: «Водны свет», «Прамысловыя птушкі», «Чырвоная кніга», «Ганцавіцкі лясгас», «Прыродная спадчына Ганцавіцкага раёна», «Ахова прыроды» і дыярамы «Люсінскае возера». Прыродныя гарызонты Ганцаўшчыны шырокія і багатыя. Рэгіён валодае рэсурсамі, якія, напрыклад, у Еўропе ўжо ставяцца да разраду звышкаштоўных.

На тэрыторыі раёна працякае пяць рэк, размяшчаецца таксама 11 азёраў і 5 вадасховішчаў. Калі сюды далучыць лясы, што займаюць большую частку Ганцавіцкага раёна і яшчэ больш вядомыя мясцовыя балоты, то можна здагадацца, як з гэтых камбінацый узнікае дадзеная калекцыя прыродных шэдэўраў, што так уражвае навукоўцаў. Сёння ўнікальныя экасістэмы, якія склаліся ў краі, абаронены ад лішняй антрапагеннай нагрузкі статусамі рэспубліканскіх заказнікаў.

У адной з вітрын прыкметнае месца займае інфармацыя, што прысвечана ўнікальнаму аб'екту — эксперыментальная база Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «Журавінка». Тут займаюцца вывядзеннем і выпрабаваннем новых гатункаў і ўдасканаленнем тэхналогіі апрацоўкі буйнаплодных журавінаў, брусніц і буякоў. Самы «смачны» сезон ў «Журавінцы» — канец лета — пачатак восені. Сакавітыя і салодкія ягады самі просяцца ў рот, тым больш, прадукцыю «Журавінкі» можна не толькі паглядзець, але і купіць. З 50 гектараў плошчы эксперыментальнай базы 16 аддадзена журавінавай плантацыі. Уражлівае відовішча — збор ягад: чэку (участак) запаўняюць вадой, а адмысловая тэхніка лёгка спраўляецца са зборам чырвоных ягад, што усплылі на паверхню. На «Журавінцы» можна даведацца аб мностве цікавых фактаў пра журавіны, брусніцы, буякі, бружмель і іншыя ягады і нават купіць высадкі, каб пайсці па слядах тутэйшых селекцыянераў.

Цэнтральнае месца ў дыяраме «Люсінскае возера» займае пудзіла глушца. Гэтая птушка самая буйная і высакародная з цецеруковых. Глушэц трохі нязграбны, цяжкаваты і палахлівы, хада ў яго хуткая, а палёт цяжкі і шумны. Рэдка бывае, каб гэтая птушка лётала на вялікія адлегласці. Вага дасягае ад 2,75 да 6,5 кг, самка значна меньшая і лягчэйшая (2 кг). Афарбоўка глушца вельмі прыгожая, шыя і галава цёмнага шэрага колеру, з чорнымі пястрынамі, валлё чорнае, з бліскучым зелянявым адлівам, грудзі і горла чорна-бурыя. Брушка цёмнае, з белымі плямамі, спіна цёмна-бурая, крылы руда-бурыя, святлей, чым спіна, хвост чорны, з белымі плямамі. У падстаў крылаў бачныя белыя плямы ад выступаючых падпахавых пёраў. Вялікая моцная дзюба жоўта-ружовага колеру. Увесну добра выступаюць з пёраў чырвоныя бровы над вачамі. Пёры падбародка падоўжаны і нагадваюць бараду.

У зале «Гісторыя», размешчаны цікавыя дакументы і фатаграфіі, якія распавядаюць пра мястэчка Ганцавічы і тэрыторыю сучаснага Ганцавіцкага раёна ў 1890—1930-я гады.

Ёсць сувенірныя шкляныя шары, вырабленыя на мясцовым шклозаводзе вядомых прамыслоўцаў Вільгельма Краеўскага і Юліуса Столле. Праект гэтага прамысловага прадпрыемства быў ухвалены Будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага ўпраўлення 6 ліпеня 1898 года, а ўжо ў 1899 годзе дадзены завод, для забеспячэння якога сырцом было адкрыта чатыры гуты, запрацаваў. На 1904 год Ганцавіцкі шклозавод ацэньваўся ў 39503 рублі і 86 капеек.

Таксама тут прадстаўлены адзін з найбольш цікавых экспанатаў музея — насценны гадзіннік, падораны асабіста імператарам Аляксандрам III за добрую працу майстру чыгуначнай станцыі Малькавічы Кліменцію Аляксандравічу Крупенічу.

Знаўцы ацэняць этнаграфічную калекцыю музея, у якой прадстаўлены народныя касцюмы, рознакаляровыя тканыя і вышытыя ручнікі, паясы, прадметы побыту. Асобна варта вылучыць ганцавіцкія паясы, артыкул пра якія ёсць у энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі».

Ганцавіцкія паясы – традыцыйныя тканыя паясы, якія вырабляюць у вёсках Люсіна, Макава, Дзяніскавічы, Хатынічы Ганцавіцкага раёна (захаваліся з канца 19 стагоддзя). Ткалі на ніту з лёну, воўны, бавоўны даўжынёй 150 — 350 см, шырынёй 1,5 — 7 см. Сучасныя паясы даўжынёй 150 см, шырынёй 1,5 — 2 см ткуць таксама з сінтэтычных нітак. Кампазіцыйна падзяляюцца на падоўжна-паласатыя паясы з шырокай (звычайна чырвонай) паласой, якая разбіваецца вузкімі паскамі ці дробным шашачным узорам іншага колеру, і перабіраныя (узорыстыя) паясы, якія ткуць у геаметрычным узоры («ступа», «елачка», «грабелькі», «вочка» і інш.). На адным поясе звычайна паўтараюцца 1 — 4 элементы ўзору, вытканага ніткамі аднаго колеру (пераважна чырвонага, бардовага, ружовага) на белым (зрэдку зялёным) фоне. Шматколернасць ганцавіцкім паясам надаюць вузкія ў 3 — 4 колеры беражкі («вокладкі», «абложкі»). Сучасныя ткачыхі аддаюць перавагу перабіранай тэхніцы і ткуць узоры ў традыцыйнай колеравай гаме з захаваннем выразнай графічнасці малюнка, характэрнай і для іншых тканін гэтага рэгіёна.

Таксама тут можна ўбачыць куток сялянскай хаты з адноўленым інтэр’ерам больш стогадовай даўнасці.

Куток экспазіцыі прысвечаны народнаму паэту і пісьменніку Беларусі Якубу Коласу, які ў вёсцы Люсіна пачаў сваю педагагічную дзейнасць. У гэтым населеным пункце пісьменнік працаваў практычна два гады — з 1 кастрычніка 1902 года па 1 верасня 1904 года і напісаў першую частку трылогіі «На ростанях» — аповесць «У палескай глушы».

Звесткі «Памятнай кніжкі Мінскай дырэкцыі народных вучылішчаў за 1902—1903 навучальны год», сведчаць, што на той час у Люсінскім вучылішчы (школе) было 37 вучняў — 35 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, а настаўнікам з аплатай працы ў 240 рублёў быў прызначаны Кастусь Міхайлавіч Міцкевіч, які скончыў курс Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Малады Колас захапіўся педагагічнай дзейнасцю, цэлымі днямі займаўся з дзецьмі ў школе. Адзін з яго вучняў Міхась Занька пазней успамінаў: «…Цяжка было пачынаць працу ў вёсцы, дзе нават пра газавую лямпу маглі толькі марыць. Без стомы пераконваў малады настаўнік, што сялянам, як святло, патрэбна пісьменнасць. Настаўніка любілі ўсе: і старыя і дзеці».

«Ваша Люсінская школа была маім першым настаўніцкім месцам, з якога пачалася мая дарога ў жыццё… Я вас любіў чыстым юнацкім сэрцам, жадаў дапамагчы вам знайсці лепшую дарогу ў жыцці, лепшую, чым тая, па якой ішлі вашы дзяды і бацькі», — пісаў Якуб Колас у лісце жыхарам вёскі Люсіна ў чэрвені 1948 года.

У другой зале «Гісторыя» экспанаты распавядаюць пра партызанскую барацьбу края ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра пасляваенную Ганцаўшчыну, пра культурнае, літаратурнае, спартыўнае і эканамічнае жыццё гэтых месцаў.

Зямля, дзе тварылі Якуб Колас і Аляксандр Сержпутоўскі, узгадавала цэлую плеяду навукоўцаў, паэтаў і празаікаў, сярод якіх Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Уладзімір Марук, Віктар Гардзей, Алесь Каско, Іван Лагвіновіч і Алесь Кажадуб. У горадзе Ганцавічы ушанавана памяць журналіста і пісьменніка Васіля Праскурава.

Асобная вітрына ў гэтай зале прысвечана святкаванню ў горадзе Ганцавічы 4 верасня 2011 года ХVIII Дня беларускага пісьменства, які надоўга запомніўся жыхарам горада. Адным з галоўных падзей Дня беларускага пісьменства стала адкрыццё па вуліцы Кастрычніцкай Алеі пісьменства, прысвечанай пісьменнікам і паэтам выхадцам з Ганцаўшчыны. Адмысловае месца на алеі заняў помнік класіку беларускай літаратуры Якубу Коласу.

У выставачнай зале праходзяць тэматычныя выстаўкі. Супрацоўнікамі музея распрацавана некалькі праектаў, па рэалізацыі якіх вядзецца актыўная праца: «Прыродная спадчына Ганцаўшчыны», «У пошуках страчанага», «Выратаваныя каштоўнасці», «Ганцавічы: учора і сёння», «Ганцаўшчына 1941—1944», «Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны», «Залатыя рукі майстроў» і некаторыя іншыя. У рамках дадзеных праектаў праходзяць майстар-класы, музейна-педагагічныя гадзіны, аглядныя выязныя экскурсіі па месцах вайсковых пахаванняў, урокі мужнасці.

Арганізавана супрацоўніцтва з Генеральным Консульствам Рэспублікі Польшча ў Брэсце. Наладжаны сувязі з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Кітайскай Народнай Рэспублікі, Японіі, Ісламскай Рэспублікі Іран. Сведчанне гэтаму — выстаўкі «Акно ў Паднябесную», «Традыцыі і культура Японіі», «Іранскія ручныя рамёствы».