ЗАЛ «АРХЕАЛОГІЯ»: герб горада Ганцавічы

Герб горада Ганцавічы з'яўляецца афіцыйным сімвалам і адлюстроўвае гістарычны шлях ужо больш за стогадовае існаванне і развіццё нашага населенага пункта.

У блакітным полі варажскага шчыта два срэбных жураўлі, у правай верхняй частцы поля залатая пяціканцовая зорка, пад якой паўмесяц рагамі ўгару таго ж металу.

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 29 студзеня 1998 года пад № 34.

Пануючымі постацямі ў сучасным гербе горада Ганцавічы з'яўляюцца два жураўлі, якія ляцяць, накіраваныя ўвысь. У блакітным полі шчыта гэтае размяшчэнне птушак выглядае вельмі спакойна і ўрачыста. Як падкрэсліваецца ў Пастанаўленні аб гербе, срэбныя жураўлі з'яўляюцца знакам прыроды Палескага краю, імкнення ў будучыню, міралюбнасці і шчасця.

Можна дабавіць, што ў міжнароднай сімволіцы журавель мае вельмі шырокае тлумачэнне. У старажытнагрэцкай міфалогіі ён шанаваўся як святая птушка багіні ўрадлівасці і земляробства Дэметры. У хрысціянстве служыў знакам уваскрэсення, бо яго прылёт абвяшчаў вясну і абнаўленне прыроды. Разнастайнасць рухаў гэтай птушкі падчас току асацыявалася з жыццярадаснасцю і каханнем. Ва ўсходняй сімволіцы журавель з'яўляўся знакам мудрасці, а журавель, што ўзнімаецца да сонца, выяўляў імкненне да грамадскага ўздыму.

Нягледзячы на ўсю шматзначнасць гэтай постаці, герб горада Ганцавічы так бы і застаўся вельмі звычайным знакам, калі б не дадатковая дэталь, якая вылучае яго сярод іншых, што паказваюць прадстаўнікоў жывёльнага свету. У верхняй правай частцы герба размешчаны залатыя зорка і паўмесяц. Гэта элементы дваранскага герба «Ляліва», які належаў графу Станіславу Адольфавічу Гутэн-Чапскаму — уладальніку земляў, на якіх быў заснаваны горад Ганцавічы ў канцы XIX стагоддзя.

«Ляліва» — прыватны шляхецкі герб, што вядомы з пачатку XIV стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім — пасля Гарадзельскай уніі 1413 года. Карысталіся 594 роды на Беларусі, Польшчы, Украіне і Літве, ў тым ліку Гутэн-Чапскія.

У блакітным полі залаты паўмесяц рагамі ўгору, над ім залатая шасціпрамянёвая зорка; клейнод (упрыгожванне герба) — над шлемам з каронай на паўлінавых пёрах такія ж маладзік і зорка.

Дэвіз «Tendite in astra viri» — «Наперад да зорак».

Аўтарам афіцыйнага геральдычнага знака горада Ганцавічы з'яўляецца намеснік старшыні райвыканкама Віталій Расціслававіч Пракурат.