Якуб Колас у значках, марках, паштоўках і канвертах

У 2022 годзе 3 лістапада адзначалася 140-я гадавіна з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. З гэтай нагоды мы прапануем вашай увазе невялікую віртуальную выстаўку ў якой Якуб Колас прадстаўлены на значках, марках, паштоўках і канвертах. Трэба адзначыць, што выстаўка на працягу года будзе папаўняцца новымі экспанатамі.

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы (цяпер у межах горада Стоўбцы) Мінскай вобласці ў сям'і лесніка. Народны паэт Беларусі (1926 год), заслужаны дзеяч навукі БССР (1944 год). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, 1949 гады).

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902 год). Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёна (1902—1904 гады), Пінкавічы Пінскага раёна (1904—1906 гады), Верхмень Смалявіцкага раёна (1906 год).

За ўдзел у рабоце нелегальнага настаўніцкага з'езда быў звольнены (1906 год). У 1907 годзе працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у 1908 годзе — ў прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15 верасня 1908 года за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады і адбываў пакаранне ў мінскім астрозе.

У 1912—1914 гадах працаваў настаўнікам у 3-м прыходскім вучылішчы ў Пінску. У час Першай сусветнай вайны разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. У верасні 1915 года быў мабілізаваны ў армію. Скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча ў Маскве і служыў у запасным палку ў Пермі.

Летам 1917 года быў накіраваны на Румынскі фронт, але па стане здароўя неўзабаве быў дэмабілізаваны і паехаў да сям'і ў горад Абаянь. Настаўнічаў у Курскай губерні.

Па запрашэнні ўрада БССР у 1921 годзе пераехаў у Мінск. Выкладаў у Мінскім беларускім педагагічным вучылішчы, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. З дня ўтварэння Акадэміі навук БССР (1 студзеня 1929 года) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам.

У дні Вялікай Айчыннай вайны жыў у Клязьме, Ташкенце, Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю.

Канчаткова вярнуўся ў Мінск у 1945 годзе. Быў членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946—1956 гады) і БССР (1938—1956 гады), старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру.

Акадэмік Акадэміі навук БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года. Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Памёр 13 жніўня 1956 года.