Міхась Рудкоўскі: «Не вечны чалавек, яго ж памкненні – вечныя!»

Міхась Рудкоўскі (Міхаіл Міхайлавіч) нарадзіўся 17 красавіка 1936 года ў вёсцы Востраў Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Востраўскай васьмігадовай школы Міхась Рудкоўскі вырашыў стаць настаўнікам і паступіў на вучобу ў Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча. Неўзабаве, калі вучылішча ў Ганцавічах было ліквідавана, Міхася перавялі на вучобу ў аналагічную ўстанову ў тады яшчэ абласным горадзе Пінску.

Пасля вучылішча Міхась Рудкоўскі некаторы час настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы і адначасова працягваў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута імя A.С.Пушкіна.

Захапленне паэзіяй і літаратурай, наогул, жаданне пісаць самому прывяло Міхася Рудкоўскага ў 1958 годзе ў рэдакцыю Ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда», у якой і былі апублікаваны яго першыя вершы. На той час у гэтай жа рэдакцыі працаваў у будучым вядомы журналіст і пісьменнік Васіль Праскураў. Ён і стаў для маладога паэта лепшым дарадцам і настаўнікам, а работа ў рэдакцыі была для Міхася першай літаратурнай школай. Як, дарэчы, і для Івана Кірэйчыка, які на той час таксама працаваў у Ганцавіцкай раёнцы.

Калі Рудкоўскі атрымаў дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры, у 1962 годзе пераехаў у Брэст і працяглы час працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграм абласной студыі тэлебачання і працягваў пісаць свае вершы — самабытныя і непадобныя на творы іншых паэтаў. А потым Міхась Рудкоўскі пачаў выдаваць адзін за адным зборнікі сваіх вершаў, якія прыхільна сустракала чытацкая публіка не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. З-пад яго пяра выйшлі кніжкі вершаў «Першыя вёрсты», «Сінія Брады»>, «Позвы», «У краі тым», «Векавечная Бацькаўшчына», «Трыгор'е», «Засцярога», зборнікі выбранай лірыкі «Залатазвон», «Гарынь». Праўда, апошняга зборніка паэт не дачакаўся: цяжкая хвароба падкасіла яго сілы, і ён 7 ліпеня 1991 года памёр. Пахавалі М.М.Рудкоўскага ў роднай вёсцы Востраў, якую ён апеў у сваіх творах:

Ёсць Востраў у мяне.
3 нягод і скрух
Я да яго лячу, як да святыні:
Ён даў дыханне мне, і зрок, і імя...




Міхась Рудкоўскі быў вядомы не толькі як паэт, але і перакладчык з украінскай, рускай і польскай моў.

На радзіме паэта створаны літаратурны музей М.Рудкоўскага, яго імя носіць Востраўская сярэдняя школа. На доме ў Брэсце, дзе жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар.

Міхась Рудкоўскі быў сапраўдным майстрам паэтычнага слова. Улюблёны ў сваю зямлю, яго людзей, большасць сваіх твораў Міхась Рудкоўскі прысвяціў Брэсцка-Пінскаму рэгіёну і яго людзям. Аднак лірыка паэта выходзіць далёка за яго межы, і яе можна смела аднесці да агульнанацыянальнай, а ўся каштоўнасць яе заключаецца ў тым, што яна пра нас з вамі, пра нашу родную маці Беларусь.

Чытаць кнігі Міхася Рудкоўскага:
- «Першыя вёрсты»;
- «Сінія Брады»;
- «Позвы»;
- «Векавечная Бацькаўшчына»;
- «Засцярога».


Міхась Рудкоўскі сярод родных і блізкіх Васіля Праскурава
Іван Кірэйчык і Міхась Рудкоўскі
Іван Кірэйчык, Васіль Праскураў, Міхась Рудкоўскі
Міхась Рудкоўскі
Міхась Рудкоўскі
Міхась Рудкоўскі ў санаторыі
Міхась Рудкоўскі (крайні злева) сярод маладых літаратараў Брэсцкай вобласці
Віктар Гардзей, Міхась Рудкоўскі, Іван Лісецкі, Васіль Праскураў
Міхась Рудкоўскі, Канстанцін Мохар, Васіль Праскураў, Віктар Гардзей
Міхась Рудкоўскі
Міхась Рудкоўскі і Мікола Купрэеў
Мемарыяльная дошка Міхасю Рудкоўскаму
Помнік на магіле Міхася Рудкоўскага
Вокладка кнігі зборніка вершаў «Першыя вёрсты», які быў выдадзены ў 1963 годзе
Вокладка кнігі зборніка вершаў «Сінія брады», які быў выдадзены ў 1967 годзе
Вокладка кнігі зборніка вершаў «Позвы», які быў выдадзены ў 1971 годзе
Вокладка кнігі зборніка вершаў «У краі тым», які быў выдадзены ў 1975 годзе
Вокладка кнігі зборніка вершаў «Векавечная бацькаўшчына», які быў выдадзены ў 1976 годзе
Вокладка кнігі зборніка вершаў «Засцярога», які быў выдадзены ў 1984 годзе
Вокладка кнігі зборніка вершаў «Златазвон», які быў выдадзены ў 1986 годзе
Вокладка кнігі зборніка вершаў «Да пребудешь ты в мире всегда», які быў выдадзены ў 1990 годзе
Вокладка кнігі зборніка вершаў «Гарынь», які быў выдадзены ў 1991 годзе