“І ПРЫГАЖОСЦЬ ТВАЯ АПЕТА ТАМ СПАЎНА”

23 верасня ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы “Іранскія ручныя промыслы”, у якім прынялі ўдзел замежныя госці.

"...I прыгажосць твая апета там спаўна", — акампаніруючы сабе на сетары і тумбаку (іранскіх народных інструментах), выконвалі песню на словы Амара Хайяма іранец Масуд і беларуска Кацярына Крывашэйцава — абое з'яўляюцца ўдзельнікамі гурта "Авіндар". I праз мелодыю — то мудрагелістую, наравістую, як звіліны горных заснежаных хрыбтоў на поўначы роднай краіны Масуда, то шырокую, раздольную, нібы пустыня на яе поўдні, — прысутныя яшчэ глыбей спазнавалі асаблівасці Ірана, былой загадкавай старажытнай Персіі.

Але гэта было пазней. А спачатку запрошаныя на мерапрыемства, адказныя работнікі райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада, індывідуальныя прадпрымальнікі, жыхары райцэнтра прайшліся па залах музея, з дапамогай экскурсавода, дырэктара ўстановы А.В. Занька, пазнаёміліся з прадстаўленымі экспанатамі. Тут паказана калекцыя знакамітых персідскіх дываноў, мудрагелістыя ўзоры якіх нібы спрачаюцца са спакойнымі фарбамі, карціны мастакоў Клары Абкар, Бахрама Шаррыфі, Хасейна Бехзада, вычварныя вазы і іншыя экспанаты.

Пасля экскурсіі саветнік Пасольства Ірана ў Рэспубліцы Беларусь пан Шафіі праз перакладчыка пана Кіараша падзякаваў раённай уладзе, ганцаўчанам за цёплы прыём і асабліва — дырэктару краязнаўчага музея Але Васільеўне за запрашэнне пабываць на палескай зямлі. ЁН заўважыў, што добрыя адносіны на самым высокім узроўні паміж прэзідэнтамі нашых краін, садзейнічаюць супрацоўніцтву, а гэта выгадна абодвум бакам, запэўніў, што Пасольства Ірана ў Рэспубліцы Беларусь гатова дапамагаць тым, у каго ўзнікнуць якія-небудзь праблемы.

Сваю зацікаўленасць мінулым і сённяшнім днём дружалюбнай краіны, яе мастацтвам выказалі выкладчык прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Л.I. Бур'як са сваімі выхаванцамі Эдзікам Джафаравым і Іванам Навіцкім. Начальнік аддзела культуры райвыканкама I.Б. Марцінкевіч адзначыла, што ўжо становіцца традыцыйным знаёмства ганцаўчан з мастацтвам краін далёкага замежжа, якое збліжае народы, нягледзячы на адлегласці і моўныя бар'еры паміж імі. Ірына Барысаўна запэўніла, што да 6 кастрычніка, пакуль будзе працаваць выстава, з ёю азнаёмяцца і дашкольнікі, і школьнікі, і дарослыя.

Сустрэча закончылася ўзаемнымі пажаданнямі нашым краінам міру, дабрабыту і працвітання. Напрыканцы яе карэспандэнт тэлерадыёкампаніі Ірана пан Саід і яго памочнік пан Ібрагім, якія працавалі на працягу ўсяго мерапрыемства, пацікавіліся ў прысутных аб іх уражаннях ад сустрэчы.

168