Алесь Каско: «Нічога не выказаў болей…»

Алесь (Аляксандар Канстанцінавіч) Каско (10 снежня 1951 года, вёска Чудзін, Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці, БССР — 26 лістапада 2017 года, Жабінка, Беларусь) — беларускі паэт, журналіст, грамадскі дзяеяч. Адзін з стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнскага руху ў Брэсце і Брэсцкай вобласці ў канцы 1980-х — 1990-я гады.

Нарадзіўся ў сялянскай шматдзетнай сям’і. Яго 40-гадовага дзеда закатавалі ў вайну немцы і паліцаі ў Чудзіне. Бацька Алеся КаскоКанстанцін Рыгоравіч — быў партызанам, потым франтавіком, быў цяжка паранены і прыйшоў з вайны з мэдалём «За адвагу». Бацька лічыўся сярод вяскоўцаў майстрам на ўсе рукі. Маці, Ксенія Васільеўна, працавала ў мясцовым калгасе трактарысткай.

У старэйшых класах Чудзінскай сярэдняй школы, куды Алесь пайшоў у 1958 годзе, яму пашанцавала быць вучнем беларускага пісьменьніка Міколы Купрэева, які працаваў настаўнікам літаратуры і ўжо тады быў вядомым паэтам. Першы верш Алесь Каско напісаў у шостым класе, а будучы вучнем выпускнога класы, надрукаваў свой верш «Пралескі» ў Ганцавіцкай раённай газэце «Савецкае Палессе».

У 1968 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна, дзе ў той час навучаліся Мікола Пракаповіч, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч, Алесь Зайка. У Брэсце Алесь Каско далучыўся да літаратурнага жыцця: пасябраваў з студэнтамі-паэтамі, наведваў пасяджэнні інстытуцкага літаратурнага гуртка і Брэсцкага абласнога літаб’яднання, змяшчаў свае вершы ў абласной газеце «Заря», а потым у рэспубліканскай «Чырвонай змене». У гады навучання ў Брэсцкім педінстытуце лёс звёў яго з выдатным педагогам, вядомым пісьменнікам, прафесарам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Уладзімірам Калеснікам. Ён аказаў моцны ўплыў на маладога паэта, дапамог яму развіць творчыя здольнасці.

На пачатку 1971 года Алесь Каско перапыніў навучанне. Выкладаў рускую мову і літаратуру ў Рагазнянскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна, беларускую мову і літаратуру ў Чудзінскай сярэдняй школе. З восені 1971-га два гады адслужыў у войску.

Пасля службы зноў настаўнічаў у сваёй роднай Чудзінскай сярэдняй школе і працягваў завочнае навучанне ў педінстытуце. У 1974 годзе перавёўся на стацыянарнае аддзяленне Брэсцкага педінстытута. У гэтым жа годзе накіраваны на Рэспубліканскі семінар маладых літаратараў у Каралішчавічы. На апошнім курсе ажаніўся з Людмілаю. Пасля заканчэння педінстытута ў Брэсце ў 1976 годзе з жонкаю і немаўляткам сынам Вадзімам Алесь Каско пераехаў жыць у Жабінку Брэсцкай вобласці, дзе ў 1987 годзе ў сям’і нарадзілася дачка Воля.

У 1976—1984 гадах працуе карэспандэнтам жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда». Алесь Каско з'яўляўся спачатку сакратаром, а пасля старшынём Жабінкаўскага раённага літаб’яднання «Плынь». 3 1984 года працаваў у Брэсце рэдактарам на абласной студыі тэлебачання ў аддзеле літаратурна-драматычных праграм разам з Міколам Пракаповічам.

Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў (1984). З 1991 года ўзначальваў Брэсцкае абласное аддзяленне Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, у 2001 годзе выступіў з дакладам на Другім Міжнародным кангрэсе Беларускага ПЭН-цэнтру, які праходзіў у Доме творчасці пісьменьнікаў «Іслач». Заснаваў серыю паэтычных аўтарскіх кніжак «Берасцейскае вогнішча». У 2007 годзе зноў вярнуўся ў жабінкаўскую раённую газету «Сельская праўда». На яе старонках друкаваліся яго карэспандэнцыі, рэпартажы, інтэрвію, замалёўкі, нарысы, вершы. У гэты час Алесь Каско кіраваў ў Жабінцы літаратурнай студыяй «Вестка» пры раённай дзіцячай бібліятэцы, актыўна дапамагае паэтам-пачаткоўцам авалодаць словам, вучыць любіць беларускую мову. Ён часты госць на літаратурных вечарынах у школах, арганізацыях, бібліятэках Жабінкі, Брэста, Ганцавічах, а таксама на сваёй радзіме ў Чудзіне.

Пры актыўным удзеле Алеся Каско ў Брэсце пасмяротна выйшла кніга Васіля Фёдаравіча Праскурава «Наўсцяж вясковай вуліцы», нямала ён зрабіў па ўшанванні памяці і ўпарадкаванні магілаў сваіх землякоў з Ганцаўшчыны Міхася Рудкоўскага, Івана Кірэйчыка, прыклаў шмат намаганняў, каб на магіле ў вёсцы Федзькавічы Жабінкаўскага раёна з'явіўся помнік паэту Васілю Гадульку.

Памёр у Жабінцы 26 лістапада 2017 года.

Літаратурнай працай займаўся з 1968 года. Дэбютаваў вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1970 годзе (газета «Чырвоная змена»). Аўтар кніг паэзіі «Вестка» (калектыўны зборнік «Нашчадкі», 1979), «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989), «Час прысутнасці» (1994), «Сорак пяць» (1996), «Трохкроп’е» (2001), кніга вершаў «Свой камень» (у калектыўным зборніку «Трохперсце» (2008), «Нічога больш» (2011), «Прыадхінуты небасхіл» (2012), «Межавыя знакі» (2014). У 2018 годзе выйшаў пасмяротны зборнік паэзіі «Кругабег».

У 2001 годзе, даследуючы свайго вядомага земляка этнографа і фалькларыста Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага, Алесь Каско запісаў казкі землякоў-чудзінцаў і выдаў іх у зборніку народных казак «Чыстага ўсё нячыстае баіцца», у 2004 годзе выйшла кніжка вершаў і казак «Два сонцы».

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1995) за кнігу «Час прысутнасці», Мядовай літаратурнай прэміі (2001), абласной прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2008).

Тэкст: Вікіпедыя