Новая выстаўка “Дарогі майго юнацтва”

З 3 верасня да Дня беларускага пісьменства ў выставачнай зале будзе праходзіць выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Дарогі майго юнацтва”.

Гэтая выстаўка прысвечана класіку нацыянальнай літаратуры, непераўзыдзенаму мастаку слова, аўтару паэтычных шэдэўраў, якія ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага прыгожага пісьменства, народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу.

Усе матэрыялы выставы прысвечаны асабістым і творчым стасункам народнага паэта Беларусі Якуба Коласа з Берасцейшчынай.

Якуб Колас – геніяльны мастак і мудры мысляр. Ён стаіць поруч з Янкам Купалам як заснавальнік новай беларускай літаратуры, выразнік народных дум і пачуццяў, спрыяў развіццю нацыянальнай культуры і станаўлення беларускай літаратурнай мовы. Багатая і шматгранная творчасць Якуба Коласа грунтуецца на лепшых традыцыях айчыннага прыгожага пісьменства і сусветнай класікі.

Класік нацыянальнай літаратуры, непераўзыйдзены мастак слова, аўтар паэтычных шэдэўраў, настаўнік некалькіх пакаленняў творчай моладзі, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, адзін з буйных арганізатараў навукі, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы – такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага грамадства, шматлікіх прыхільнікаў яго таленту.

Пяцьдзесят гадоў працаваў Колас на ніве нацыянальнай культуры, паслядоўна і мэтанакіравана змагаўся за адраджэнне роднага краю. Шматлікія кнігі яго паэзіі ("Песні жальбы", "Водгулле"), прозы ("Апавяданні", "Родныя з'явы"), яго паэмы ("Новая зямля", "Сымон-музыка"), славутыя "Казкі жыцця", палескія аповесці, якія ўвайшлі ў трылогію "На ростанях", успрымаюцца як арганічныя часткі манументальнага мастацкага палатна, на якім знайшло сваё адлюстраванне жыццё беларускага народа на розных этапах яго гісторыі.