Іван Кірэйчык – паэт, пісьменнік, журналіст

Да 80-годдзя з дня нараджэння Івана Аляксандравіча Кірэйчыка прапануем вашай увазе выстаўку, якая распавядае пра творчы і жыццёвыя шляхі нашага знакамітага земляка.

Іван Аляксандравіч Кірэйчык нарадзіўся 19 сакавіка 1935 года ў невялікай вёсачцы Гута. Бацька Івана па-геройску загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Маці выхоўвала адна траіх дзяцей у галодныя і халодныя пасляваенныя гады. Нягледзячы на гэта, Іван скончыў Гуцянскую сярэднюю школу і ўладкаваўся на працу ў мясцовы калгас «Праўда». Працоўныя ўніверсітэты Івана не былі доўгімі: неўзабаве яго прызвалі ў армію. I не абы-куды, а на Балтыйскі флот, дзе ён праслужыў у якасці матроса цэлыя чатыры гады.

Тут, на флоце, ён і паспрабаваў свае сілы ў вершаскладанні. Першыя яго вершы былі надрукаваны ў флоцкай газеце «Страж Балтии», потым у калектыўным зборніку «Песня, рождённая морем».

Пасля дэмабілізацыі Іван зноў працаваў у калгасе, а з 1958 года быў залічаны на пасаду літсупрацоўніка ў Ганцавіцкую раённую газету «Сялянская праўда». Адначасова з работай у раёнцы I.Кірэйчык завочна вучыўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, які скончыў разам са сваім калегам па рабоце Васілём Фёдаравічам Праскуравым у 1965 годзе.

Вучоба, праца ў раённай газеце садзейнічалі хуткаму творчаму росту будучага пісьменніка. Пачынаючы з 1963 года, Іван Кірэйчык працуе ўласным карэспандэнтам Беларускага радыё і газеты «Чырвоная змена» па Брэсцкай вобласці, а пасля пераезду ў Гомель — у абласной газеце «Гомельская праўда» і на студыі тэлебачання. Тут па-сапраўднаму раскрыўся яго літаратурны талент.

Адзін за другім, у 1966, 1968, 1970-м гадах, выходзяць зборнікі нарысаў і апавяданняў Івана Кірэйчыка «Багацце душы — людзям», «Пялёсткавы бераг», «Каласам хіліцца долу», пазней, у 1984 годзе, — «Калінавая квецень».

Іван Кірэйчык зарэкамендаваў сябе ў літаратурных колах не толькі як выдатны нарысіст і празаік, але і адораны паэт. У 1977 годзе ён выдаў зборнік паэзіі «Аснова», а ў 1994-м яшчэ адзін паэтычны зборнік «З маіх крыніц». Акрамя таго, яго вершаваныя і празаічныя творы змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Вернутае шчасце», «Люблю будзённы дзень» і іншых. Таксама ў яго літаратурным запісе выйшлі кнігі былых партызан Р.Лазабеева і М.Качана « Лясныя пабрацімы» і «Апалены ранак».

Усё напісанае Іванам Кірэйчыкам прасякнута публіцыстычным пафасам, шчырасцю пачуццяў, невычэрпнай дабрынёй, гонарам за сваю Бацькаўшчыну, якую ён любіў усім сэрцам, як маці і верны яе сын.

Па адной, толькі вядомай яму, прычыне Іван Аляксандравіч не стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, хаця меў для таго ўсе падставы. I тым не менш, яго ўклад у беларускую літаратуру значны і неацэнны, a напісанае ім засталося добрай спадчынай нашчадкам і самым трывалым помнікам самому творцу.

Памёр I.А.Кірэйчык 16 лютага 1996 года. Пахаваны ў Гомелі. Яго імем названа вуліца ў яго роднай вёсцы Гута, а на месцы, дзе колісь стаяла бацькоўская хата, у яго гонар устаноўлены памятны знак.

Чытаць кнігі Івана Аляксандравіча Кірэйчыка:
- зборнік вершаў «З маіх крыніц»;
- зборнік вершаў «Аснова».