Васіль Праскураў. «На зямлі сярод людзей»

Васіль Фёдаравіч Праскураў выдатны майстар нарыса, журналіст, пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР, член Саюза пісьменнікаў Беларусі — нарадзіўся 25 жніўня 1926 года ў в.Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Ён быў самым меншым і адзіным сынам у бацькоў Фёдара Карпавіча і Санклеты Максімаўны. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны скончыў Сваташыцкую няпоўную сярэднюю школу. У перыяд фашысцкай акупацыі жыў разам з маці, бабуляй і сёстрамі ў сваёй роднай вёсцы. Бацька Васіля Фёдаравіча памёр у пачатку вайны. Таму сям'і давялося зведаць пад фашыстамі і голад, і холад.

У 1945 годзе В.Ф. Праскураў быў прызваны ў Савецкую Армію. Пяць з паловай гадоў служыў у Цэнтральнай Групе Войскаў у Венгрыі, Германіі, а потым у Аўстрыі. Да дэмабілізацыі з арміі з'яўляўся карэспандэнтам армейскай газеты «За честь Родины».

Калі ў 1950 годзе вярнуўся дамоў, маці і бабуля да таго часу памерлі, сёстры павыходзілі замуж і раз'ехаліся. Па просьбе старэйшай сястры Ганны, якая жыла разам з сям'ёй у Ганцавічах і працавала тут настаўніцай, ён пераехаў да яе. Уладкаваўся на работу ў мясцовы райспажыўсаюз. Спачатку працаваў старшынёй сельпо, загадчыкам гандлёвага аддзела, а потым старшынёй райспажыўсаюза. У Ганцавічах скончыў сярэднюю школу рабочай моладзі, экстэрнам — Брэсцкую гандлёва-кааперацыйную школу. У Ганцавічах В.Ф.Праскураў знайшоў сваё сямейнае шчасце: ажаніўся з каханай дзяўчынай — Лідзіяй Сцяпанаўнай, разам з якой выгадаваў чатырох цудоўных дачок — журналістку, настаўніцу, двух урачоў.

Аднак В.Ф.Праскураў усё жыццё жадаў стаць журналістам і ў 1958 годзе ўладкаваўся на работу літсупрацоўнікам у Ганцавіцкую раённую газету «Сялянская праўда». Прыкладна тады ж паступіў на завочнае аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, якое закончыў з дыпломам з адзнакай у 1965 годзе.

3 1962 па 1966 год В.Ф.Праскураў працаваў у Ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», а ў 1966 годзе быў прызначаны на пасаду рэдактара Ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе» (дарэчы, задумка даць такую назву газеце належыць самому Васілю Фёдаравічу). Больш за дваццаць гадоў ён рэдагаваў гэтае рэгіянальнае выданне. За плённую працу на ніве журналістыкі ўзнагароджаны чатырма медалямі СССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Побач з клапатлівай рэдактарскай пасадай шмат пісаў для газеты. I не толькі для сваёй, але для абласной і рэспубліканскіх. Ён упадабаў адзін з самых прэстыжных газетных жанраў — нарыс і пісаў аб людзях Палесся. На гэтым жанры ён і заслужыў славу сапраўднага майстра слова, вялікага знаўцы чалавечых душ.

3 газетных палос нарысы Васіля Фёдаравіча ўвасабляліся ў зборнікі, якія выходзілі ў розных выдавецтвах рэспублікі ў 1960-я — 1980-я гады адзін за адным: «Святая сівізна», «Трое з-за Лані», «Людзі-суседзі», «Пакажы чалавеку дарогу», «Пакланіся зямлі-карміцельцы», «Чорны хлеб». Апошні зборнік пісьменніка «Наўсцяж вясковай вуліцы», куды ўвайшлі акрамя нарысаў няскончаная аповесць, апавяданні і дакументальныя матэрыялы, выйшаў пасля яго смерці, у 1995 годзе.

Памёр В.Ф.Праскураў 22 мая 1987 года. Пахаваны ў Ганцавічах на старых могілках. На доме, дзе ён жыў, і на будынку рэдакцыі. у якой працаваў, у яго гонар устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Яго імя носяць цэнтральная раённая бібліятэка і вуліца, на якой ён жыў.